ПАДЗЯКА АД ГАРАДЖАН

ПАДЗЯКА АД ГАРАДЖАН

Чыгуначны раён горада Гомеля заўсёды вылучаўся добраўпарадкаваннем і цікавымі дэкаратыўнымі формамі, чысцінёй і ўладкаванасцю. Аднак рэалізоўваючы чарговы праект на тэрыторыі раёна, мы крыху рызыкуем, бо не ведаем, як яго будуць успрымаць гамяльчане.

У кастрычніку у межах праекта “Must Art - Mast Act” графіці-карцінамі былі ўпрыгожаны фасады тыповых забудоў, а на дадзены момант у раёне ўсталёўваюцца новыя прыпыначныя павільёны з назвай прыпынкаў на роднай мове. Прыемна, што жыхары раёна дадзеныя новаўвядзенні падтрымліваюць:

***

Дзякуй за цікавыя ідэі па ўпрыгожванню горада. Я маю на ўвазе графіці (не паверыце, нават мая бабуля ў захапленні ад малюнкаў), беларускамоўныя шыльды на прыпынках і дамах па праспекце Перамогі. Я рада, што мы нядаўна купілі кватэру менавіта ў Чыгуначным раёне.

З павагай, Кацярына і мае знаёмыя, што кожны дзень праходзяць па вуліцах Чыгуначнага раёна.

***

Вялікі дзякуй адміністрацыі Чыгуначнага раёна г.Гомеля за ўсталяванне новых прыпынкаў з беларускамоўнымі назвамі! Надзвычай радуе і палепшаная тапаграфіка назваў прыпынкаў - іх лёгка чытаць, яны выглядаюць па-сапраўднаму прыгожа і стылёва. Паводле сусветных трэндаў адзначаны і бліжэйшыя прыпынкі, што не можа не радаваць. Мяркую, што ўзнятая, дзякуючы вашаму прыкладу, планка нормаў і якасці афармлення прыпынкаў будзе распаўсюджаная ў будучыні на ўвесь горад.

Яўген Аляксандравіч.

***

Вялікі вам дзякуй за ўстаноўку новых прыпынкаў з надпісамі па-беларуску (універсам "Паўночны", магазін "Тысяча дробязяў")! Вельмі прыемна, што ў родным горадзе маёй жонкі і цешчы, які я наведваю ўсё часцей, з'явіліся хоць невялічкія прызнакі беларускасці. Шчыра спадзяюся, што гэты выдатны крок не стане апошнім і вы працягнеце гэтую прыўкрасную лінію па ўжыванні нашай роднай мовы ў сваім славутым горадзе, сэрцы паўднёвай Беларусі! Яшчэ раз АГРОМНЫ вам дзякуй і зямны паклон.

З павагай, Зміцер.

Undefined
ru
06 ноября 2013 года, 13:45 Просмотров: 4021 все новости версия для печати